У 2016 Сынковічы наведала больш за 20 тысяч турыстаў



Сынковіцкая царква-крэпасць – адна з нямногіх цэркваў абарончага тыпу, што захаваліся на тэрыторыі Беларусі. Гэта помнік, у якім мастацкія плыні Захаду (готыка) і Усходу (традыцыі візантыйскай архітэктуры) зліліся ў адзіны сінтэтычны ансамбль. Царква з паўтараметровымі цаглянымі сценамі, вежамі і байніцамі нагадвае старажытны замак.

img_3765

На думку настаяцеля храма айца Арсеня Ананкі, царква Святога арханёла Міхаіла была пабудавана не ў канцы ХV — пачатку ХVІ стагоддзя, як афіцыйна лічыцца, а значна раней. Гісторыя гэтага храма звязана з імем вялікага князя Вітаўта, адзначыў субяседнік. Паводле легенды, у 1382 годзе Вітаўт хаваўся ў паўразбураным замку на Слонімшчыне, а ў 1407 годзе прыязджаў у Сынковічы. Верагодна, у гэты час крэпасць і была перабудавана ў храм.

img_3763

Па словах айца Арсеня, летась Сынковіцкую царкву наведала больш за 20 тысяч турыстаў з усяго свету. “Але гэта лічба не зусім дакладная. Турыстаў у Сынковічах, на маю думку, было ў 2016 годзе значна больш”, – кажа айцец Арсень Ананка.

img_3764

У 2017 годзе Сынковіцкая царква адзначыць сваё 610-годдзе. “Урачыстасць адбудзецца ў верасні. Да юбілею царквы будзе выдадзена кніга пра гісторыю храма, сувенірная прадукцыя, па-ранейшаму працягнецца ўпарадкаванне царквы і тэрыторыі вакол яе, рамонт даху і іншыя работы”, – адзначыў айцец Арсень.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльвенскі раён

Фота аўтара