У Антарктыдзе знайшлі „згубленую” пячору



Удзельнікі 24-й ўкраінскай экспедыцыі ў Антарктыду знайшлі „згубленую” Ледніковую пячору з азёрамі і ракой, піша РИА Новости са спасылкай на прэс-службу Міністэрства адукацыі і навукі Украіны.

Фота obozrevatel.com

Пячору на востраве Галіндэз, дзе знаходзіцца ўкраінская станцыя „Акадэмік Вярнандскі”, знайшлі яшчэ падчас першых антарктычных экспедыцый. „Уваход у яе быў з процілеглага ад станцыі берага выспы, пад вяршыняй ледніка. Аднак аказалася, што некалькі гадоў таму гэты ледавік ссунуўся ў акіян і ўваход заваліла”, – распавялі ў міністэрстве.

Кіраўнік 24-й экспедыцыі Ігар Дзікі прызнаўся, што выявіць пячору удалося не адразу. „Было некалькі няўдалых спробаў знайсці яе з боку праліва Пенола. А вось у ледніку з боку старой брытанскай базы-музея хаткі Вордэ нам пашанцавала: мы знайшлі ўваход у згубленую пячору”, – паведаміў ён.

Агульная шырыня хадоў пячоры, якія пралягаюць на трох паверхах, складае каля 200 метраў, у ёй знаходзяцца падлёдная рака і два возеры. Акрамя таго, навукоўцы знайшлі пяро птушкі, якое „дакладна не належыць пінгвіну”. Узоры для даследаванняў ўжо адправілі ва Украіну.

zviazda.by