У Беларусь вернутая апошняя група арганізаваных турыстаў
У Беларусь з-за мяжы 5 красавіка была вернутая апошняя група арганізаваных турыстаў, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Міністэрства спорту і турызму Уладзімір Несцяровіч.
Паводле яго слоў, апошнія шэсць чалавек, якія адпачывалі па пуцёўках, набытых у турфірмах, дастаўленыя з Тайланда. „Мы разумеем, што за мяжой застаюцца яшчэ нашы грамадзяне, якія выязджалі з краіны самастойна. Імі займаецца Міністэрства замежных спраў, а мы цесна супрацоўнічаем з ім, — сказаў Несцяровіч. — Вярнуць нашых грамадзян дадому без МЗС, без дапамогі нашых замежных устаноў, нашага авіяперавозчыка, Міністэрства транспарту і камунікацый было б немагчыма”.
Увогуле з-за мяжы вернута прыблізна 8 тыс. арганізаваных турыстаў, адзначыў прэс-сакратар. Большасць з іх знаходзіліся ў Егіпце. „Мы запыталі звесткі ва ўсіх нашых турыстычных кампаній, каб зразумець, колькі беларускіх грамадзян заключалі дагаворы і знаходзяцца за мяжой. Спачатку тэлефанаванні ад турыстаў прымаў наш юрысконсульт, потым да працы падключылася дзяжурная група, далей мы арганізавалі кругласутачнае тэлефоннае дзяжурства работнікаў дэпартамента па турызме, Нацыянальнага агенцтва па турызме. Да нас далучыліся прадстаўнікі турыстычных фірмаў, члены Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый і Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі. Яны самі выказалі вялікую зацікаўленасць і прапанавалі вяртаць беларускіх турыстаў разам”.
Усяго на прамую лінію дэпартамента па турызме паступіла больш за 1,1 тыс. тэлефанаванняў, на электронную пошту прыйшло больш за 350 лістоў.
Акрамя таго, паведаміў Несцяровіч, паралельна дэпартамент па турызме працягвае кансультаваць суайчыннікаў, якія вырашылі змяніць свае планы на адпачынак за мяжой і хочуць адмовіцца ад пуцёвак. „Быў вялікі вал тэлефанаванняў, і ён працягваецца. Цікавяцца, што рабіць: як адмовіцца, змяніць даты і кірунак, як будзе ажыццяўляцца вяртанне грошай. Думаю, гэты працэс будзе працягвацца яшчэ даволі доўга”, — адзначыў прадстаўнік Мінспорту.
Фота tvr.by