У беларусаў на мяжы сталі правяраць, ці паведамілі яны пра ДНЖ іншай краіны
На беларускай мяжы пагранічнікі на выездзе пачалі правяраць пастаноўку на ўлік у МУС дазволу на жыхарства або грамадзянства іншай краіны. Пра гэта паведамілі адразу некалькі чалавек у адным з чатаў, заўважыў Hrodna.life.
Беларусы расказваюць, што ў знаёмых, якія перасякаюць мяжу, праверылі пастаноўку ДНЖ на ўлік у МУС. Такія праверкі нібыта існуюць на выездзе з Беларусі.
Два беларусы заявілі, што іх знаёмых «разгарнулі» і не выпусцілі з краіны, бо іх дазвол на жыхарства не быў на ўліку.
Некаторыя ж пішуць, што пыталіся пра ДНЖ і карту паляка, але гэта не паўплывала на перасячэнне мяжы.
11 ліпеня 2023 года ўступілі ў сілу змены ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь». Згодна з імі, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія маюць замежны дакумент — грамадзянства, від на жыхарства, дакумент, які дае права на льготы — абавязаны праінфармаваць аб гэтым органы ўнутраных спраў або органы дыпламатычнай службы на працягу трох месяцаў з дня ўступлення ў сілу закона. Гэтыя тры месяцы якраз скончыліся.