У беларусаў з’явіцца абавязак інфармаваць пра атрыманне ВНЖ, КП і іншага грамадзянства
Згодна з абноўленай рэдакцыяй закона „Аб грамадзянстве”, беларусы, якія атрымалі грамадзянства іншых краін, від на жыхарства ці іншы дакумент замежнай дзяржавы (напрыклад, карту паляка), які дае права на льготы і іншыя перавагі, на працягу трох месяцаў з дня атрымання адпаведных дакументаў абавязаны праінфармаваць пра гэта органы ўнутраных спраў або органы дыпламатычнай службы.
Закон набывае моц 11 чэрвеня.
Пры гэтым, як паказвае практыка, збіраць звесткі пра наяўнасць падобных дакументаў пачалі яшчэ летась. Паралельна з гэтым на дзяржаўных прадпрыемствах аказваюць ціск на ўладальнікаў карты паляка. Людзей прымушаюць адмовіцца ад яе і пагражаюць звальненнем. Таксама пачынаючы з вясны адзначаецца, што памежнікі пачалі ўсё часцей патрабаваць дазвол на жыхарства ці іншыя дакументы ў тых беларусаў, якія падаюць пашпарт без дзейнай візы пры выездзе ў Еўразвяз. Хоць па законе для выезду за мяжу дастаткова мець толькі пашпарт. Выглядае, што ўлады рыхтуюцца да ўступлення ў сілу абноўленага закона.
Юрысты адзначаюць, што на сёння заканадаўствам не вызначаныя ні формы адпаведных паведамленняў, ні адказнасць за непаведамленне ў кампетэнтныя органы інфармацыі пра наяўнасць грамадзянства/дазволу на жыхарства і іншых дакументаў замежнай дзяржавы.
Але гэта не азначае, што такія нормы не з’явяцца ў хуткім часе.
Найбольш блізкім па змесце артыкулам Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях юрысты называюць артыкул 24.11 (непрадстаўленне дакументаў, справаздач і іншых матэрыялаў).