У Беларусі абмежавалі выезд з краіны «палітычным», вышэйшым чыноўнікам і сілавікам
У Беларусі змянілі закон аб парадку выезду з краіны і ўезду ў краіну. Дакумент атрымаў статус закона. КДБ зможа абмежаваць выезд не толькі тым, хто знаходзіцца на прафілактычным уліку ў органах дзяржаўнай бяспекі, але і тым, чый «выезд супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь». Забарона можа ўводзіцца на тэрмін да паўгода.

Якія грамадзяне і на якіх падставах будуць трапляць у гэтую катэгорыю — не паведамляецца. Выезд таксама забароняць тым асобам, «у дачыненні да якіх вядзецца працэс за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў супраць парадку кіравання, — у мэтах забеспячэння выканання пастановы суддзі аб накладанні адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе штрафу».
Раней абвінавачаных з Беларусі таксама не выпускалі, але гэта тычылася тых, хто ўжо атрымаў штраф і не аплаціў яго. Цяпер жа выезд будзе забаронены і тым, супраць каго вядзецца адміністрацыйны працэс, а рашэнне суду не прынятае.
