У Беларусі адкрыўся цэнтр міфалагічнага турызму
Цэнтр міфалагічнага турызму адкрыўся ў Бярэзінскім біясферным запаведніку. Ён уключае ў сябе музей міфалагічных істот, экспазіцыю пад адкрытым небам «Міфалагічны хутарок» і экасцяжыны.
Музей і экспазіцыя пад адкрытым небам у незвычайным фармаце раскажуць турыстам пра беларускую міфалогіі і пра божышчаў, якія, паводле паданняў, засялялі лясы, балоты, палі і вадаёмы.
Асаблівыя надзеі арганізатары праекта ўскладаюць на экасцяжыны. На іх размешчаны 17 інсталяцый беларускіх мастакоў і дызайнераў.
– Распрацавана начная экскурсія, калі турысты ноччу выходзяць на экасцяжыны, з гідам. Прагулка з элементамі анімацыі, нечаканымі момантамі: вас можа ўхапіць за нагу кікімара, камусьці могуць паказаць жабу, – у прэс-службе ПРААН распавядаюць, што уражанняў хопіць.
Распрацоўваць тэму дапамагаў кандыдат навук.
– Такі цэнтр – унікальны для Беларусі досвед. Ён дазволіць прыцягнуць больш гасцей у запаведнік і Лепельскі раён. Гэты раён, дарэчы, дае Віцебскай вобласці 25% турыстычнага патоку. Асабліва развіццё новых аб’ектаў актуальна ў сувязі з пяцідзённым бязьвізавым рэжымам. Думаем, гэта будзе цікава замежным турыстам, – адзначаюць у ПРААН.
Падрабязнасці аб умовах наведвання музея з’явяцца ў пачатку наступнага тыдня на сайце Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Цэнтр міфалагічнага турызму стварылі Бярэзінскі запаведнік і грамадскае аб’яднанне «Адпачынак у вёсцы». Праект «Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да зялёнай эканомікі» фінансуецца ЕЗ і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН. Партнёр праекта – Мінпрыроды.
Фота: ПРААН