У Беларусі больш чым удвая скарацілася колькасць аграсядзібаў
У Міністэрстве спорту і турызму агучылі дакладныя лічбы, колькі агра-экасядзібаў прайшло перарэгістрацыю ў адпаведнасці з новымі патрабаваннямі. Такіх турыстычных аб’ектаў у краіне 1296, а на пачатак года было 3043. У ведамстве адзначаюць, што дакументы можна даносіць.
Экскурсавод адзначае, што ў рэальнасці большасць аграсядзібаў дагэтуль працавала, як гатэльчыкі на вёсцы:
– З гораду прыязджае сям’я, ключы далі, грошы забралі, вось печка, вось посуд. Самі сваё прывязіце, мы можам уху зварыць ці блін спячы, а вы там галоўнае прывозьце з сабой. Ад’ехалі, вярнуліся ў апошні дзень паглядзець ці быў там парадак, і гэта пайшло ў такім накірунку.
Цяпер аграсядзібы павінны плаціць падатак на прафесійны прыбытак, ён складае 10%. І такі статус могуць атрымаць тыя аб’екты, дзе не больш за 10 жыллёвых пакояў, маецца ўласная гаспадарка, садок і ёсць паслуга па папулярызацыі мясцовых адметнасцяў, традыцый.
Беларускае Радыё Рацыя