У Беларусі пачалі ўводзіць забароны на наведванне лясоў
У Беларусі пачалі ўводзіць забароны на наведванне лясоў.
Як паведаміла прэс-служба Мінлясгаса, „у сувязі са складанай пажаранебяспечнай сітуацыяй на тэрыторыі Мазырскага (Гомельская вобласць) і Столінскага (Берасцейская вобласць) раёнаў уведзены часовыя абмежаванні на наведванне лясоў”. Адпаведныя рашэнні прынятыя мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.
Паводле інфармацыі міністэрства, у рэгіёнах зафіксаваны высокі клас пажарнай небяспекі — III—IV, бо ўсталявалася гарачае і сухое надвор’е, адсутнічаюць ападкі.
Прагназуецца, што найбліжэйшымі днямі абмежавальныя меры могуць быць уведзеныя і ў іншых рэгіёнах Берасцейскай і Гомельскай абласцей.
Толькі за мінулыя суткі ў лясах зафіксавана 20 выпадкаў узгарання на агульнай плошчы 12,5 га. Найбольш напружаная сітуацыя традыцыйна складваецца ў паўднёвых рэгіёнах краіны.
Да прыкладу, толькі ў лясным фондзе Столінскага раёна з пачатку года адбылося 17 пажараў. Агульная плошча ачагоў склала 117,9 га.
Усяго з пачатку года ў лясным фондзе зафіксавана 208 пажараў. Гэта ў чатыры разы больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
Як адзначыла прэс-служба, істотны негатыўны ўплыў на цяперашні пажаранебяспечны перыяд зрабіла адсутнасць кліматычнай зімы: не было ападкаў — у глебе не хапае вільгаці. Пры гэтым асноўнай прычынай лясных пажараў застаецца чалавечы фактар: людзі выпальваюць сухую расліннасць, парушаючы пры гэтым заканадаўства.
Дзяржаўная лясная ахова пераведзеная на ўзмоцнены варыянт нясення службы.
Мінлясгас нагадвае, што парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах і на тарфяніках або забароны на іх наведванне, якое не пацягнула прычыненне шкоды, караецца папярэджаннем або штрафам да 25 базавых велічынь (артыкул 15.29 КаАП).
На сайце міністэрства апублікаваная інтэрактыўная карта лясных тэрыторый, якія забаронена наведваць.