У Беларусі павялічыўся попыт на духоўныя вандроўкі
У Міністэрстве спорту і турызму пачалі падсумоўваць сёлетні турыстычны сезон. Выявілася, што істотна павялічыўся попыт на духоўныя вандроўкі. Гаворка не толькі пра пілігрымаў. Узрасла колькасць унутраных падарожнікаў, якія выпраўляюцца ў рэлігійныя туры па Беларусі.

Дасведчаны экскурсавод адзначае, што сапраўды тэма духоўнасці ў турызме разгарнулася, бо самі беларусы пацягнуліся да сакральных месцаў:
– Яна развярнулася, яна стала такой вялікай тэматыкай, і сакральныя аб’екты вярнуліся. І ў нас там Полацк ці Жыровічы – хто іх абміне? Ці мясціны, скажам, Мадонны поўначы Беларусі. Ці, напрыклад, сакральныя аб’екты Палесся, ці шляхі Святога Андрэя Баболі? Пра гэта можна вельмі шмат распавядаць.
Суразмоўца дадае, што беларусы-вандроўнікі ў апошняе пяцігоддзе вельмі актыўна знаёмяцца са сваёй гісторыяй, этнаграфіяй, фальклорам, і натуральна, што рэлігійная спадчына не можа не зацікавіць.
Беларускае Радыё Рацыя
