У Беларусі спрошчаны працэдуры для знаходжання і транзіту ў пагранзоне



У Беларусі спрошчаныя працэдуры для знаходжання і транзіту законапаслухмяных грамадзян у памежнай зоне і паласе.

Як паведамляе прэс-служба Дзяржпагранкамітэта, набыў моц закон ад 9 студзеня 2019 года №168-З „Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях забеспячэння пагранічнай бяспекі”. Для беларускіх грамадзян пашыраны пералік дакументаў, якія можна будзе прад’явіць пры знаходжанні ў памежнай зоне. Цяпер акрамя пашпарта грамадзянін пры праверцы дакументаў на свой выбар будзе мець права прад’явіць ваенны білет, вадзіцельскае або службовае пасведчанне. Замежныя грамадзяне змогуць без пропускаў ехаць транзітам праз памежную зону ў санаторыі, дамы адпачынку і наведваць аб’екты прыдарожнага сэрвісу.

„Такая лібералізацыя значна спрашчае парадак наведвання грамадзянамі памежнай зоны, дазваляе стварыць новыя працоўныя месцы і дадатковыя ўмовы для ўключэння размешчаных у ёй зямель і аб’ектаў у гаспадарчы абарот, спрыяе павышэнню прывабнасці турыстычных аб’ектаў на прыгранічнай тэрыторыі”, — адзначаецца ў паведамленні.

Закон таксама прадугледжвае шэраг навацый, якія дадуць магчымасць умацаваць памежную бяспеку. Супрацоўнікі органаў памежнай службы будуць вызначаць месцы ўезду або ўваходу ў памежную паласу, а таксама часовы прамежак, у які можна знаходзіцца за мяжой інжынерных збудаванняў і загарод. У межах пагранічнай паласы і зоны ўсталёўваюцца дадатковыя абмежаванні. Так, напрыклад, у межах пагранічнай паласы забараняецца выкарыстанне без узгаднення з памежнікамі аптычных прыбораў, таксама забараняецца пераадольваць інжынерныя збудаванні і загароды.

„Гэтая змена абумоўленая, у першую чаргу, актывізацыяй супрацьпраўнай дзейнасці на дзяржаўнай мяжы, — падкрэсліваецца ў паведамленні. — У сувязі з гэтым перад органамі пагранічнай службы сур’ёзна паўстала пытанне неабходнасці арганізацыі дакладнага кантролю за фізічнымі асобамі, што знаходзяцца на рэжымнай тэрыторыі. Не сакрэт, што асобныя грамадзяне пад выглядам збору грыбоў, ягад, рыбалкі, пад выглядам турыстаў усё часцей наведваюць прылеглую да мяжы тэрыторыю для ажыццяўлення супрацьпраўнай дзейнасці. Для процідзеяння пагранічнікам парушальнікі ўсё часцей выкарыстоўваюць розныя тэхнічныя сродкі, у тым ліку біноклі, прыборы начнога бачання, цеплавізары, фотапасткі”.

У Дзяржпагранкамітэце адзначаюць, што названыя новаўвядзенні „істотнага не паўплываюць на паўсядзённую жыццядзейнасць законапаслухмяных грамадзян, разам з тым прыняцце гэтых мер будзе спрыяць павышэнню эфектыўнасці выканання пастаўленых перад органамі памежнай службы задач”.

Акрамя таго, дакумент прадугледжвае магчымасць выкарыстання аўтаматычных сродкаў пагранічнага кантролю, што будзе актуальным пры выдачы грамадзянам Беларусі біяметрычных пашпартоў. Гэта так званыя „электронныя вароты”, якія дазваляюць ажыццяўляць пагранічны кантроль без непасрэднага ўдзелу кантралёра. Такое абсталяванне ў парадку эксперыменту ўжо паспяхова выкарыстоўвалася ў нацыянальным аэрапорце „Мінск”, у выніку чаго зроблены вывад пра магчымасць яго ўкаранення. Прымяненне аўтаматычных сродкаў пры ажыццяўленні пагранічнага кантролю значна скароціць час, неабходны для яго праходжання.

БелаПАН