У Беларусі створаны віртуальны тур па Слонімскай сінагозе
Каманда беларускіх спецыялістаў завяршыла працу над стварэннем першага ў сваім родзе праекта – VR-тура і рэканструкцыі Вялікай харальнай сінагогі ў Слоніме, важнага аб’екта габрэйскай спадчыны ў краіне.
Фота: Цэнтр беларуска-габрэйскай культурнай спадчыны
Амбіцыйны праект аб’яднаў намаганні даследчыкаў, гісторыкаў, рэстаўратараў, мастакоў, 3D-дызайнераў, IT-інжынераў, сумясціў інфармацыю з архіваў з высокатэхналагічным мадэляваннем, каб узнавіць і захаваць адну з самых старых з існуючых сінагог Беларусі.
Арганізатарам і стваральнікам праекта выступіў Цэнтр беларуска-габрэйскай культурнай спадчыны ў партнёрстве з Гётэ-Інстытутам у Беларусі, куратар – Рыгор Хейфец. Праект створаны ў межах праграмы Усходняга партнёрства #CivilSocietyCooperation пры падтрымцы МЗС Нямеччыны. Тэхналагічныя рашэнні распрацавала кампанія «Экспазіт», рэканструкцыю інтэр’еру сінагогі – творчая майстэрня «Басталія».
Фота: Рыгор Хейфец
Фота: Цэнтр беларуска-габрэйскай культурнай спадчыны
Вынікам амаль гадавой працы каманды стала стварэнне 15-хвіліннай віртуальнай экскурсіі па Слонімскай сінагозе часоў яе росквіту (17-19 стагоддзя). Выкарыстоўваючы VR-шлем, можна акунуцца ў мінулае. Экскурсія ўключае агляднае знаёмства з габрэйскай гісторыяй і культурай, з гісторыяй сінагогі і «наведванне» будынка ў яго арыгінальным выглядзе: з адноўленым роспісам сцен, архітэктурнымі элементамі і архіўнымі аўдыёзапісамі.
У канцы сеансу ёсць магчымасць параўнаць версію сінагогі пасля віртуальнай рэстаўрацыі з яе цяперашнім, занядбаным, станам.
Фота: Рыгор Хейфец
Папярэдняя рэгістрацыя па спасылцы гарантуе наведванне 15-хвіліннага VR-тура ў выбраны часовы прамежак.
Паводле прэс-рэлізу