У Беларусі тыя, хто выязджае за мяжу, могуць платна здаць тэст на COVID-19
У Беларусі з’явілася паслуга па здачы тэста на каронавірусную інфекцыю COVID-19 на платнай аснове, паведаміла прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.
Пакуль гэтая паслуга даступная для грамадзян, якія выязджаюць за мяжу, у краіны, дзе патрабуецца афіцыйнае пацвярджэнне адсутнасці інфекцыі COVID-19, адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя.
Лабараторнае тэставанне на каронавірус метадам палімеразнай ланцуговай рэакцыі ў рэжыме рэальнага часу (ПЦР) праводзіцца ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя ў Менску.
Кошт ПЦР-даследавання для грамадзян Беларусі складае 41,38 рубля, для замежных грамадзян — 56,63 рубля.
„Пасля завяршэнні тэставання на інфекцыю COVID-19 выдаецца вынік лабараторнага даследавання на рускай і англійскай мовах”, — паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя.
Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі на 5 чэрвеня дасягнула 46.868, памерла 259 чалавек.
belapan.by