У Беларусі змяніліся межы абласцей
Межы Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей, іх раёнаў і сельсаветаў зменены. Гэта спатрэбілася з той прычыны, што ранейшыя межы былі ўсталяваныя яшчэ 70 гадоў таму, прычым графічным спосабам на аснове тагачасных мапаў.
З тых часоў рэльеф мясцовасці істотна змяніўся ў тым ліку з-за пракладкі меліярацыйных каналаў, прасякання прасек і будаўніцтва дарожнай сеткі.
З дапамогай тэхналогіі дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, найноўшых метадаў атрымання і апрацоўкі фотаздымкаў і лічбавання зямной паверхні спецыялісты вызначылі новыя межы.
Такі перадзел адбываецца ў Беларусі не ўпершыню. Два гады таму памяняліся межы Берасцейскай, Гарадзенскай і Менскай абласцей.
Змяненне межаў з 1 чэрвеня не цягне за сабой спынення правоў, змены віду правоў на зямельныя ўчасткі, якія раней былі вылучаныя грамадзянам. Да таго ж межы Гомельскай вобласці і яе раёнаў, якія супадаюць з дзяржаўнай мяжой Беларусі з Украінай, будуць зменены пасля завяршэння дэмаркацыі. Краіны плануюць скончыць яе да 2026 года.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: aif.by