У Друскінінкаі з’явіцца новы цэнтр воднага адпачынку са штучным морам
У літоўскім Друскінінкаі з’явіцца новы цэнтр воднага адпачынку са штучным морам, пляжамі, пальмамі і зонамі адпачынку. Як піша lrt.lt, тут таксама будзе працаваць адзіны ў Еўропе крыты басейн для сёрфінгістаў.
Комплекс плануецца пабудаваць на працягу трох гадоў побач з ужо дзейным цэнтрам Snow Arena. Дакладны кошт праекту не агучваецца. Але яшчэ дзесяць гадоў таму, калі гэта ідэя абмяркоўвалася першы раз (тады яе адхілілі), ён ацэньваўся прыкладна ў $2,5 млн. Цяпер, паводле ацэнак спецыялістаў, гэта сума вырасце не менш як удвая.
Як паведаміў мэр горада Рычардас Малінаўскас, будаваць аб’ект будзе канадская кампанія White Water West. Ён таксама заявіў, што праект прадугледжвае шмат пляцовак для гульнявых відаў спорту, скалалажання і іншых актыўных заняткаў.
Друскінінкай раней быў адным з самых папулярных у беларусаў курортаў. Там размешчаны санаторый „Беларусь”, які ў свой час трапіў пад санкцыі і з-за гэтага панёс вялікія страты, паведамляе officelife.media.