У фэнтэзі-сядзібе пад Наваградкам будуць ладзіць групавыя экскурсіі



Адно з самых знакамітых і незвычайных месцаў гарадзенскай зямлі — фэнтэзі-сядзіба «Літоўка» — будзе ладзіць арганізаваныя групавыя экскурсіі па папярэднім запісе, піша «Вечерний Гродно».

Сёння «Літоўка» – папулярны турыстычны аб’ект, які не губляе сваёй вядомасці на працягу некалькіх гадоў. Больш за тое, з часам містычная сядзіба толькі абрастае тутэйшымі легендамі.

З’яўляюцца тамака і новыя незвычайныя экспанаты.

Цяпер трапіць у фэнтэзі-сядзібу можна ў складзе арганізаванай групы.

Арганізатары прапаноўваюць запісацца на спецыяльную экскурсію ў любы дзень тыдня, напісаўшы ў дырэкт у Instagram — @litovka.by — і прапанаваць дату і час.

Акрамя таго, экскурсіі для ўсіх ахвотных будуць праводзіцца кожную суботу і нядзелю на працягу ўсяго лета.

Працягласць падарожжа і знаёмства з усімі незвычайнымі экспанатамі «Літоўкі» зойме каля гадзіны. Каштаваць экскурсія будзе 5 рублёў для аднаго чалавека. Мінімальная група — 15 чалавек. Для такіх свабодных экскурсій папярэдні запіс не патрэбны.

Фота: vgr.by