У Гародні адкрылі новы мост праз Нёман
У Гародні адкрыты новы мост праз Нёман – найвышэйшы ў краіне. Увышкі ад ракі ён мае больш як 32 метры.
Яшчэ год таму, яго можна было ўбачыць у такім выглядзе.
Назва ягоная – „Усходні”, што відаць па ўказальніках. Але магла быць больш цікавай, звязанай з асобамі, якія жылі ў гэтых мясцінах: Ажэшка ( Арэшка), Пануцэвіч ці геаграфічна прывязанай да Гародні і ваколіцаў: Пагараны, Кашэўнікі. Альбо, той жа „Азотаўскі” – бо мост спраставаны да вытворчага аб’яднання „Азот”. Прынамсі, не ў гонар якога-небудзь ката-забойцы беларускага народа, ці камуністычнага функцыянера. І на тым – дзякуй.
У кожным выпадку – назва мосту няйтральная. Рух траспарту пачаўся, ёсць прыпынкі аўтобусаў. Кіроўцы асабістых аўтамабіляў, раварысты, уласнікі лецішчаў насупраць ракі, паволі прызвычайваюцца да новых магчымасцяў, якія дае мост. Ён злучае новыя дзяльніцы зарэчанскай часткі Гародні: вуліцаў Паўднёвая і праспект Янкі Купалы з трасай М6, якая вядзе ў кірунку Менску. Дае аб’езд места транспарту, які ідзе транзітам ад Поўдня ваколіц Гародні ў кірунку аэрапорта „Абухава”, Ліды, Менску.
Трэцяя спроба адкрыць мост, зрэшты, удалая. Шмат зрабілі маставікі. Сістэма адводу вады больш паважная, устойлівая. Але застаецца рэальная небяспека ўтварэння шырокіх і глыбокіх яроў і разбурэння схілаў. Неўмацаваныя пясчаныя часткі схілаў ня маюць за што ўчапіцца: пясок наносіцца ў раку, ствараючы плёс, звужаючы плынь бацькі-Нёмана. Пакуль няма на схілах, уздоўж новага моста пасаджаных зялёных пасадак: хмызняка і дрэваў. У вогкі дзень ад дажджу ўжо назіраюцца новыя апоўзні па ўсёй зоне вакол моста. Дзе-нідзе проста не прайсці – увязнеш.
Нешта з будматэрыялаў засталося, ці прыхавана.
А ля помніка археалогіі бронзавага і жалезнага веку работы па рыццю каналаў для адводу вады рабілі, відаць, на хуткую руку. Ці законна? Пытанне рытарычнае.
У кожным выпадку, віншуем гарадзенцаў з чаканым аб’ектам для ўсіх. Від з яго проста заварожвае.
Беларускае Радые Рацыя, Гародня