У Гародні запрацавала рачное таксі (абноўлена)



У Гародні на Нёмане пачало працу рачное таксі. Гарадзенскія прадпрымальнікі маюць два кацеры палепшанай камфортнасці для ажыццяўлення праезду па рацэ, а таксама агляднай паездкі ў ваколіцах Гародні.

Ужо на месцы старога гарадзенскага прычала ўсталяваны пантонны прычал, а прадпрыемства „Зелянбуд” упарадкавала падыход да прычала. На гэтых таксі ўжо прайшлі першыя, тэставыя шпацыры гарадзенцаў і гасцей горада над Нёманам.  Кажа пра сваю ідэю гаспадар таксі, індывідуальны прадпрымальнік Кірыл Лаўроў:

– Зараз робім прафілактыку, таму што адпрацавалі суботу-нядзелю, трэба паглядзець, бо бяспека – гэта галоўнае. Маршрут пачынаецца ад кафэ “Ля прычала”, ідзём уверх па цячэнні ракі, робім паварот, ідзём уніз па цячэнні да Каложы. Цудоўныя краявіды. І ізноў прышвартоўваемся ля прычала.  

Для жадаючых пракаціцца на рачным таксі кошт квітка для дарослых 10 рублёў, а працягласць рачнога шпацыру 40 хвілінаў.

У планах рачных таксістаў разглядаюцца пераезды па Нёмане да турыстычнай базы „Прычал”, Аўгустоўскага каналу, а пазней, магчыма, і да Аўгустова і Друскенікаў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара

* * * 

Гарадзенскія прадпрымальнікі пачалі катаць гараджан і турыстаў на маламерных судах.

Першы экскурсійны заезд па рацэ Нёман стартаваў апоўдні ў суботу. Прычал для воднага таксі ў Гародні з’явіўся на правым беразе ракі паміж Новым замкам і былым піўзаводам. Другі прычал для маламерных судоў з’явіцца на процілеглым беразе Нёмана побач з базай адпачынку «Прывал».

Пакуль для перавозкі плануецца выкарыстоўваць чатыры катэры і трамвайчык, а таксама гандолу. Закупляліся водныя таксі ў Маскве. Пастаўшчыком стала фірма, якая арганізуе перавозкі па Масква-рацэ.

s13.ru

Фота Леаніда Шчаглова, БелТА