У Гародні з’явіцца гарадская ратуша
З гэтай мэтай пачалася рэканструкцыя былой рэзідэнцыі гарадзенскага старасты Антонія Тызенгаўза. Будынак быў узведзены роўна 250 гадоў таму. Пасля рэканструкцыі тут будуць прымаць замежныя дэлегацыі, прэзентаваць горад для інвестараў і бізнесменаў.
У сярэднявеччы ў Гародні была свая ратуша, якая знаходзілася непадалёку ад каралеўскіх замкаў. Тут праходзілі пасяджэнні магістрата і органаў мясцовага самакіравання. У ХVІ стагоддзі, падчас ваенных дзеянняў, будынак быў спалены і разбураны, потым яго наогул разабралі. Цяпер пра ратушу нагадвае толькі гадзіннік, які цудам дайшоў да нашых часоў і ўсталяваны на Фарным касцёле. Дарэчы, ратушны гадзіннік лічыцца адным з самых старых вежавых гадзіннікаў Еўропы, яго адрамантавалі, і ён цяпер спраўна ходзіць, нават з боем.
Новая ратуша з’явіцца таксама непадалёку, у цэнтры горада, у адным са старажытных будынкаў на цяперашняй плошчы Тызенгаўза. Тут захаваліся пабудовы ХVІІІ стагоддзя, узведзеныя падчас росквіту горада. У тыя часы горадам, па сутнасці, кіраваў стараста Антоній Тызенгаўз, адзін з будынкаў стаў яго асабістай рэзідэнцыяй. Менавіта гэты двухпавярховы асабняк і прэтэндуе на новы статус.
— Гэты будынак можа выконваць функцыі ратушы, якой пакуль няма, — лічыць каардынатар праекта дэпутат Гарадзенскага гарадскога Савета Сяргей Каляда. — Тут можна прымаць гасцей, весці перагаворы з партнёрамі.
А яшчэ гэта спроба вярнуць велічны стыль каралеўскаму гораду. Некалі заканадаўцам гэтага стылю стаў сам кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які меў у Гародні сваю рэзідэнцыю і быў прыхільнікам раскошы. Вось і новы праект накіраваны на тое, каб адлюстраваць гэту велічнасць і прыгажосць.
— Канферэнц-зала будзе падобна на сенатарскую, што ў каралеўскім палацы, — кажа Сяргей Каляда. — Кароль тут, хутчэй за ўсё, таксама быў, яны сябравалі з віцэ-адміністратарам Тызенгаўзам.
Інтэр’ер шукалі доўга. На жаль, эскізаў самога памяшкання не засталося. Таму вырашылі скарыстацца аналагамі іншых каралеўскіх залаў. Напрыклад, лесвіцу перанялі ў палацы Браніцкіх, што ў польскім Беластоку. Адтуль і свяцільні ў выглядзе павукоў. Своеасаблівыя столі дазволяць зрабіць цікавае асвятленне. Увогуле будынак будзе прыдатны як для афіцыйных сустрэч, так і для культурных падзей. Мяркуецца арганізаваць тут музычны салон з камінам, галерэю для выставак мастакоў. Дзверы будуць адчынены і для турыстаў.
— Пад будынкам захаваліся падвалы ў добрым стане, яны на дзіва сухія, са старажытнымі перакрыццямі. Тут з’явіцца кавярня на 20 месцаў з выхадам на плошчу, з пандусам і ліфтам, — падкрэсліў дэпутат. — Мяркуем назваць кавярню «Сакулка».
І гэта невыпадкова. Гародня і невялікі польскі гарадок Сакулка бліз мяжы звязаны гістарычным мінулым. У свой час гарадзенскі стараста Антоній Тызенгаўз пабудаваў дзве рэзідэнцыі — адну ў Гародні, другую ў Сакулцы. Зараз абодва будынкі пустуюць.
Двухпавярховы асабняк у Гародні будаваўся па праекце італьянскага архітэктара Джузэпэ Сакі. У розныя часы тут знаходзіліся падатковыя ведамствы, паштовая кантора, з 1921 года — цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў Беларусі. Цяпер вядзецца работа, каб зрабіць у былой сядзібе віцэ-адміністратара ў Гародні гарадскую ратушу. А ў Сакулцы будзе адкрыты інфармацыйны цэнтр. Больш за тое, абодва гістарычныя будынкі звяжа турыстычны маршрут, які так і называецца «Шляхам Тызенгаўза».
— Гэта будзе новы веласіпедны маршрут працягласцю 60 кіламетраў, з якіх палова — па беларускай частцы. Сумесны праект «Шляхам Тызенгаўза» дазволіць даведацца пра гістарычную і культурную спадчыну на памежжы, — падкрэсліў Сяргей Каляда.
Сумесны праект будзе рэалізаваны ў рамках трансгранічнай праграмы «Польша — Беларусь — Украіна». Беларускаму боку выдаткаваны 1,1 мільёна еўра, 10 % фінансуе Гарадзенскі гарвыканкам. Першы транш у памеры 35 % ад агульнай сумы ўжо атрыманы, і вось-вось пачнуцца работы па рэканструкцыі будынка. Паралельна будзе весціся пракладка веладарожак. Частка маршрута пройдзе ад польскай мяжы ўздоўж возера Юбілейнае, тут плануецца арганізаваць месцы адпачынку. Адсюль маршрут пойдзе па вуліцах горада. Гэтая дарожка стане часткай вялікага веламаршрута праз гранічны пункт пропуску «Брузгі», а той будзе звязаны праз маршрут «Аўгуст Вела» з міжнародным Grееn Vеlо.
Праект плануецца рэалізаваць за два гады. Архітэктурная экспертыза будынка пройдзена. Каля яго з’явіцца інфакіёск для турыстаў, а таксама іншыя дапаможнікі для вандроўкі па маршруце. На месцы былога флігеля, які часткова быў знішчаны ў сярэдзіне 80-х гадоў, будзе ўсталявана лаўка з дзвюма скульптурамі, якія «прыселі адпачыць». Як яны будуць выглядаць, пакуль невядома. Для рэалізацыі будзе абраны найлепшы эскіз па выніках конкурсу. Умова адна — гэта павінна быць эпоха Тызенгаўза і караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.