У іспанскай Малазе адбылася акцыя салідарнасці з Беларуссю



У іспанскай Малазе, што месціцца ў правінцыі Андалусія на поўдні краіны, прайшла акцыя салідарнасці з Беларуссю. У гэтым горадзе гэта ўжо не першая падобная акцыя.

Паэтка Анхела Эспіноса, якая жыве ў Малазе і валодае беларускай мовай, узяла ўдзел у акцыі і распавяла „Рацыі”, хто прыехаў на цэнтральную плошчу горада.

– Прадстаўнікі і прадстаўнічкі дыяспары, асабліва шмат жанчын, дзяўчат, яны жывуць у Малазе, у правінцыі. І невялічкая група яшчэ з Гранады прыехала. Некаторыя толькі сёлета пераехалі. Іншыя некалькі год жывуць. Гэта людзі, якія працуюць у сферы ІТ. Некаторыя пераехалі па каханні. Палічылі вельмі важным падтрымаць галоўны Партызанскі марш у Менску.

Акцыя салідарнасці з народам Беларусі адбылася на плошчы Канстытуцыі ў цэнтры Малагі. Анхела Эспіноса падкрэсліла асноўныя мэты пікету.

– Каб людзі адчулі, што яны на свеце не адны. Што беларусы – гэта вялікі народ. Людзі пачалі вельмі сур’ёзна ставіцца да гэтай нацыі. Падыходзілі людзі, задавалі пытанні. Некаторыя хацелі расказваць нешта сваё. Часам не па тэме. Увогуле рэакцыя іспанцаў на гэтую акцыю была цалкам станоўчая. Жадалі нам поспеху.

Акрамя Малагі, акцыі салідарнасці адбыліся і ў іншых іспанскіх гарадах, у прыватнасці, у Валенсіі. Як запэўніваюць арганізатары, акцыі будуць трываць і надалей, пакуль у Беларусі не зменіцца палітычная сітуацыя і пакуль узурпатар Лукашэнка не будзе арыштаваны.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з Фэйсбука Анхелы Эспіносы.