У Італіі пачалося вывяржэнне вулкана Этна



Буйнейшы дзейны вулкан Еўропы Этна на італійскім востраве Сіцылія пачаў вывяргацца 24 снежня ў 8.50 мясцовага часу. Пра гэта паведаміў Нацыянальны інстытут геафізікі і вулканалогіі Італіі.

Цягам наступных некалькіх гадзін у раёне вулкана адбылося 130 падземных штуршкоў, найбольш моцны – магнітудай 4,0.

Да 12.00 паводле рымскага часу выкіды попелу пераўтварыліся ў суцэльны слуп. Вулканолагі выдалі папярэджанне для аэрапортаў Сіцыліі. Як паведамляе AFP, аэрапорт Катаньі спыніў прыём і адпраўленне самалётаў.

Прадстаўнік інстытуту сказаў агенцтву, што не лічыць вывяржэнне вулкана небяспечным. Аднак пакуль што навукоўцам з-за кепскай бачнасці не ўдалося вызначыць, ці пайшло вывяржэнне лавы. Вышыня Этны сягае 3 300 метраў. У яе некалькі сот бакавых вулканічных кратараў, сярэдняя частасць вывяржэнняў складае раз у тры месяцы. Апошняе буйнае вывяржэнне зафіксаванае ў верасні 2007 года.

Беларускае Радыё Рацыя