У Ізраілі знойдзены горад якому 5000 гадоў
У Ізраілі выяўленыя руіны найстарэйшага і найбуйнейшага горада ў рэгіёне. Руіны знаходзяцца за 50 кіламетраў ад Тэль-Авіва, ім 5000 гадоў, паведамляе ВВС.
Фота ISRAELI ANTIQUITIES AUTHORITY
У горадзе пражывала каля 6 тыс. чалавек, яго ўжо называюць „Нью-Ёркам бронзавага веку”. Там былі вуліцы, асобныя кварталы, храм і гарадскія сцены для абароны насельніцтва.
Больш за тое, археолагі выявілі, што людзі жылі ў гэтым месцы нават 7000 гадоў таму.
Ізраільскія археолагі кажуць, што гэта самая значная знаходка таго перыяду гісторыі.
„Гэта проста Нью-Ёрк ранняга бронзавага веку – касмапалітычны, добра спраектаваны горад, у якім жылі тысячы чалавек”, – гаворыцца ў заяве археолагаў.
„Няма ніякага сумневу, што гэта адкрыццё зменіць наша разуменне той эпохі, а таксама пачатку працэсу урбанізацыі ў Ізраілі”.
Горад, вядомы як Эн-Эсур, займае прыкладна 65 гектараў, што прыкладна ў два разы больш памераў любых іншых вядомых паселішчаў той эпохі. Упраўленне старажытнасцямі Ізраіля паведамляе, што ў горадзе былі пракладзены вуліцы і завулкі, ён падзелены на жылыя і камерцыйныя кварталы.
Падчас раскопак знайшлі каля чатырох мільёнаў фрагментаў збаноў, інструменты, многія з якіх былі прывезены з Егіпта, а таксама надзвычай рэдкія статуэткі людзей і жывёл.