Неўзабаве пачне працу пасольства Катара ў Беларусі
Пасольства Катара ў Беларусі пачне сваю працу бліжэйшым часам. Пра гэта ішла гаворка 5 лістапада ў Мінску, дзе адбыўся чацвёрты раўнд палітычных кансультацый паміж знешнепалітычнымі ведамствамі Беларусі і Катара.
Беларускую дэлегацыю ўзначаліў намеснік міністра замежных спраў Андрэй Дапкюнас, катарскую — генеральны сакратар Міністэрства замежных спраў доктар Ахмад Хасан аль-Хамадзі.
Як паведамляе прэсс-служба беларускага МЗС, падчас кансультацый суразмоўцы абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня, далі ацэнку сучаснаму стану і перспектывам развіцця беларуска-катарскага дыялогу, у тым ліку на вышэйшым і высокім узроўнях.
„Асаблівая ўвага на кансультацыях была нададзена пытанням адкрыцця пасольства Катара ў Мінску, якое пачне сваю работу ў хуткім часе. У Беларусь ужо прыбылі два катарскія дыпламаты для адкрыцця пасольства”, — адзначае МЗС.
Беларускі і катарскі дыпламаты абмеркавалі пытанні пашырэння двухбаковых гандлёвых сувязяў, інвестыцыйнага супрацоўніцтва, абмену візітамі дэлегацый дзелавых колаў.
Намеснікі міністраў замежных спраў пагадзіліся з тым, што больш дэталёва гэтыя і іншыя пытанні трэба абмеркаваць падчас наступнага пасяджэння сумеснага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве, якое запланавана на наступны год.
Акрамя гэтага, кіраўнікі беларускай і катарскай дэлегацый абмяняліся думкамі па пытаннях развіцця сітуацыі на Блізкім Усходзе і ў еўрапейскім рэгіёне, а таксама абмеркавалі ўзаемадзеянне дзвюх дзяржаў у рамках ААН і іншых шматбаковых міжнародных арганізацый.
belapan.by