У Кіеве з 20 сакавіка ўзмоцняць каранцін



Улады Кіева прынялі рашэнне ўзмацніць каранцін у горадзе ў сувязі з пагаршэннем эпідэміялагічнай сітуацыі з-за каронавіруса. Пра гэта заявіў на брыфінгу мэр горада Віталь Клічко, паведамляе РБК-Украіна.

З 20 сакавіка ў Кіеве будуць закрыты кінатэатры, тэатры, музеі, канцэртныя залы, ГЗЦ. Будзе забаронена правядзенне масавых мерапрыемстваў, кафэ і рэстараны будуць працаваць выключна навынас.

З-за сітуацыі з COVID-19 вясеннія канікулы ў горадзе пачаліся раней — з 18 сакавіка.

Сакратар Кіеўсавета Уладзімір Бандарэнка заявіў, што сітуацыя ў Кіеве вельмі складаная. Паводле яго слоў, у бальніцах знаходзяцца звыш 3,5 тыс. чалавек, з якіх 71 працэнт у цяжкім стане.

Паведамляецца таксама, што ў краіне за мінулыя суткі выявілі максімальную колькасць новых выпадкаў каранавіруса з пачатку года — 15 053.

Раней кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Украіны Максім Сцяпанаў сказаў, што Кіеў блізкі да «чырвонай» зоны каранціну.

Паводле апошніх даных амерыканскага Універсітэта Джонса Хопкінса, агульная колькасць заражаных COVID-19 ва Украіне перасягнула 1 553 659. Колькасць смяротных зыходаў склала 30 811.