У Латвіі хочуць забараніць аўтамабілі з беларускімі нумарамі
Міністэрства юстыцыі Латвіі падрыхтуе законапраект, які забараняе знаходжанне ў Латвіі зарэгістраваных у Беларусі і Расеі транспартных сродкаў.
Пра гэта паведамляюць латвійскія медыя са спасылкай на міністра юстыцыі Інэсэ Лібіня-Эгнерэ. Міністр патлумачыла, што, калі на працягу трох месяцаў транспартны сродак не будзе перарэгістраваны або вывезены з Латвіі, ён будзе канфіскаваны.
„Калі транспартныя сродкі з расейскімі і беларускімі нумарамі не будуць своечасова перарэгістраваныя, магчыма, іх могуць канфіскаваць на карысць Украіны, якая падтрымлівае сваё войска на перадавой”, — падкрэсліла міністр.
Раней Латвія і іншыя краіны Балтыі забаранілі ўезд у краіну зарэгістраваных у Расеі аўтамабіляў. Пра машыны на беларускіх нумарах раней гаворкі не было.