У літоўскім пасольстве ўтварылася чарга з 10 тысяч беларусаў



Больш за 10 тысяч беларусаў падалі заяўкі ў пасольства Літвы на атрыманне візы, – піша delfi.lt са спасылкай на літоўскае МЗС.

Пры гэтым у Менску працуе толькі адзін літоўскі дыпламат: большасць іншых дыпламатычных работнікаў былі высланыя з Беларусі яшчэ ў канцы 2021 года. У сувязі з гэтым разгляд пададзеных заявак можа расцягнуцца да 20 красавіка.

Разам з тым Літва сутыкнулася з недахопам кіроўцаў. Пасля пачатку расійскай вайны супраць Украіны на радзіму вярнуліся больш за 10 тысяч украінскіх кіроўцаў. Прадстаўнікі кампаній-перавозчыкаў звярнуліся ў МЗС з просьбай дапамагчы развязаць гэтую праблему і даваць візы беларускім кіроўцам. Але ў МЗС Літвы пакуль не бачаць магчымасці стварыць яшчэ адну чаргу для кіроўцаў.