У літоўскім пункце пропуску «Мядзінінкай» запаволена мытнае афармленне



У літоўскім пункце пропуску «Мядзінінкай» (з беларускага боку «Каменны Лог») запаволена мытнае афармленне. Такая інфармацыя размешчана ў Telegram-канале Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

«Паводле інфармацыі сумежнага боку, у пункце пропуску „Мядзінінкай“ з раніцы 11 лютага ў сувязі з малалікасцю змен літоўскіх кантрольных службаў замаруджаны працэдуры афармлення», — гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя таго, у суседнім пункце пропуску «Лаварышкес» (сумежны беларускі — «Катлоўка») таксама з сённяшняй раніцы назіраюцца праблемы з працай баз мытнага афармлення літоўскіх кантрольных службаў.

У ведамстве рэкамендуюць грузаперавозчыкам улічваць дадзеную інфармацыю і выбіраць альтэрнатыўныя маршруты руху. Аб аднаўленні афармлення ў штатным рэжыме будзе паведамлена дадаткова.

zviazda.by