У літоўцаў на беларускай мяжы пачалі правяраць тэлефоны



У грамадзян Літвы пры ўездзе ў Беларусь сталі правяраць тэлефоны і праводзіць апытанні аб вайне ва Украіне, паведамляе Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы (ДДБ).

Вядома некалькі выпадкаў, калі грамадзянам Літвы адмаўлялі ва ўездзе ў Беларусь, калі высвятлялася, што яны падтрымліваюць Украіну і асуджаюць агрэсію Расеі.

«Грамадзяне Літвы сутыкаюцца з шантажом і псіхалагічным ціскам падчас апытанняў, ім кажуць, што забарона на ўезд у Беларусь можа быць знятая, калі яны пагодзяцца супрацоўнічаць з беларускай разведкай», – заяўляе ДДБ.

ДДБ папярэджвае, што пры вярбоўцы выкарыстоўваюцца розныя рычагі: добразычлівасць да беларускага рэжыму, кантрабанда ці іншая незаконная дзейнасць, зацікаўленасць у наведванні Беларусі па дзелавых інтарэсах ці сямейных сувязях.

Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы рэкамендуе літоўцам устрымацца ад паездак у Беларусь і Расею і нагадвае, што атрыманая з гаджэтаў інфармацыя можа выкарыстоўвацца не толькі супраць яго ўладальніка, але і супраць яго сваякоў і калег „з мэтай іх кампраметацыі і вярбоўкі”.