У Менску працягваюць выдаваць еўрапейскія візы



Пра гэта распавёў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка:

Консульствы Францыі і Германіі, Італіі і Іспаніі, іншых еўрапейскіх краін выдаюць шэнген у звычайным парадку. Часам гэта займае тыдзень-два, бывае месяц, але візы выдаюць. Таксама консульства Польшчы выдае сотні віз кожны дзень. Балтыйскія краіны спынілі выдачу турыстычных віз, але працягваюць выдаваць візы гуманітарныя і візы праваабарончыя. Таму калі вы асабіста ці вашая кампанія, вашая арганізацыя зазналі палітычны пераслед, ці патрабуеце тэрміновай рэлакацыі, то вы маеце права атрымаць такую візу.

Таксама Вячорка раіць звяртацца па пытаннях рэлакацыі да праваабарончых арганізацый – „Вясна”, BYSOL, BY_HELP і Probono. Дарадца патлумачыў, чаму некаторыя краіны ўводзяць візавыя абмежаванні:

Безумоўна, з аднаго боку гэта вайна ва Украіне і дзеянні Лукашэнкі. З іншага боку гэта банальнае злоўжыванне. Аказалася, што сярод тых, хто падаецца на візу, шмат дзяцей чыноўнікаў, альбо сем’і сілавікоў, якія проста карыстаюцца магчымасцю, каб перабрацца ў бяспечныя краіны.

Беларускае Радыё Рацыя