У Нацыянальным аэрапорце Мінск сустрэлі 4-мільённага пасажыра
У Нацыянальным аэрапорце Мінск сустрэлі чатырохмільённага пасажыра.
Ім аказаўся Усевалад Бяляеў, які прыляцеў з аэрапорта Пулкава (Санкт-Пецярбург).
Юбілейнага пасажыра павіншаваў генеральны дырэктар Нацыянальнага аэрапорта Мінск Дзмітрый Мелікян. „Гэта знакавая лічба, у Беларусі яшчэ такой не было”, – сказаў ён.
У сваю чаргу Усевалад Бяляеў расказаў, што нарадзіўся і жыве ў Беларусі. „Але мая работа звязана з продажамі на тэрыторыі СНД, асабліва ў Цэнтральнай і Сярэдняй Азіі. Таму шмат лятаю. Гэта ўжо 205-ы палёт у бягучым годзе, 70-ы – з „Белавія”, – адзначыў ён.
Ад Нацыянальнага аэрапорта Мінск Усеваладу Бяляеву ўручылі сертыфікат на гадавое абслугоўванне ў ВІП-зале, ААТ „Авіякампанія „Белавія”- сертыфікат на білет у бізнес-класе па любым рэгулярным маршруце.
РУП „Нацыянальны аэрапорт Мінск” – першы міжнародны аэрапорт Беларусі, сертыфікаваны ў адпаведнасці з міжнародным стандартам ISO 9001 комплексна па ўсіх напрамках дзейнасці. Палёты са сталічнага аэрапорта выконваюцца больш як па 40 міжнародных напрамках Еўропы, Блізкага Усходу і іншых рэгіёнаў.