У Нацыянальным аэрапорце можна зрабіць толькі „хуткі” ПЦР-тэст
Стандартныя ПЦР-тэсты ў Нацыянальным аэрапорце „Мінск” з 1 ліпеня рабіць больш не будуць. Такое паведамленне з’явілася на сайце Менскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Адмову ад стандартных ПЦР-тэстаў патлумачылі вялікім попытам на тэрміновыя даследаванні ў аэрапорце. У выніку з 1 ліпеня тут можна будзе зрабіць толькі экспрэс-тэставанне ПЦР на COVID-19 па тэхналогіі SmartAmp.
Гэтае тэставанне дазваляе атрымаць вынік ужо праз дзве гадзіны. Але і каштуе адчувальна даражэй. Калі за стандартны ПЦР-тэст у аэрапорце трэба заплаціць блізу 40 рублёў для грамадзян Беларусі або 57 рублёў 58 капеек для нерэзідэнтаў, то тэставанне на COVID-19 паводле тэхналогіі SmartAmp каштуе адпаведна 67 рублёў 43 капейкі і 85 рублёў 20 капеек.
Калі падарожнік захоча, каб вынікі тэсту ўнеслі ў сістэму „падарожнічаю без COVID-19” (гэта абавязковая ўмова для падарожжа, да прыкладу, у Расею), то кошт даследавання павялічыцца да 71 рубля 3 капеек для грамадзян Беларусі і 88 рублёў 80 капеек для нерэзідэнтаў.
Лабараторыя ў аэрапорце працуе сем дзён на тыдзень, але толькі для авіяпасажыраў і па папярэднім запісе.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: belmarket.by