У Пекіне падпішуць мемарандум аб правядзенні Года турызму Беларусі ў Кітаі



У Пекіне будзе падпісаны мемарандума аб правядзенні Года турызму Беларусі ў Кітаі, паведамляе прэс-служба Міністэрства спорту і турызму.

Плануецца, што падпісанне мемарандума адбудзецца 12 студзеня. Беларускую дэлегацыю на перамовах узначальвае намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной. У складзе дэлегацыі таксама намеснік старшыні Мінаблвыканкама Віктар Сірэнка, прадстаўнікі Нацыянальнага агенцтва па турызме, турыстычных кампаній Беларусі.

У межах візіту беларускай дэлегацыі 10 студзеня ў горадзе Чунцын адбудзецца беларуска-кітайскі турыстычны форум „Беларусь вітае Кітай”. З гэтага мерапрыемства і стартуе Год турызму Беларусі ў КНР. У форуме, адзначаецца ў паведамленні, возьмуць удзел найбуйнейшыя туркампаніі дзвюх краін. Адбудзецца прэзентацыя турыстычнага патэнцыялу Мінскай вобласці і Беларусі.

Падчас серыі культурных мерапрыемстваў 9—11 студзеня ў гарадах Фулін і Чунцын пройдуць канцэрты фальклорнай групы „Купалінка” Белдзяржфілармоніі, а таксама выстава сучаснай беларускай фатаграфіі і Дні беларускага кіно.

Чакаецца, што правядзенне Года турызму Беларусі ў Кітаі „створыць пазітыўны інфармацыйны фон для прасоўвання беларускага турызму ў КНР і будзе спрыяць павелічэнню аб’ёмаў узаемных турыстычных патокаў”, адзначаюць у міністэрстве.

Як паведамлялася раней, падчас сустрэчы прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова з прэм’ерам Дзяржаўнага савета КНР Лі Кэцянам 1 снежня 2017 года беларускі бок прапанаваў афіцыйна аб’явіць 2018-ты Годам турызму Беларусі ў Кітаі. Зараз у Беларусі распрацоўваецца комплексная канцэпцыя развіцця турызму як аднаго з рухавікоў нацыянальнай эканомікі.

belapan.by