У Пінску плануюць зрабіць пяць новых турыстычных пляцовак



У Пінску плануюць зрабіць пяць новых турыстычных пляцовак – гэта прапанова Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Месцамі, прыдатнымі для развіцця турыстычнай галіны, назвалі: лесапаркавую зону каля Пінска, гарадскі ды дзіцячыя паркі, а таксама тэрыторыі каля педагагічнага каледжа і Цэнтра культуры і творчасці.

Краязнаўца Эвард Злобін кажа, што перад стварэннем новага, трэба зрабіць добрую турыстычную інфраструктуру ў гістарычным цэнтры:  

– Няма класічнага роўню нармальнай гандлёвай кропкі. Кропка, якая на турыстычнай вуліцы знаходзіцца, вось навошта там трыкатажная крама? Маленькія рэстаранчыкі, кавярні. На вуліцы Леніна зусім няма ўтульных кавярняў. Класічны варыянт – утульная, зручная кавярня, можна ў памяшканні, можна – на вуліцы.

Суразмоўца дадае, што каб прыцягнуць турыстаў у Пінск, трэба перш за ўсё спыніць новабудоўлі ў гістарычным цэнтры ды знішчэнне старажытных будынкаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: planetabelarus.by