У Полацку перастала цячы легендарная крыніца
Другі тыдзень не цячэ ў Полацку на Верхнім замку каля Сафійскага сабора легендарная крыніца.
Гэта адмысловы гісторыка-культурны аб’ект, вядомы з даўніх часоў. Над крыніцай нават узведзена архітэктурная малая форма ў выглядзе капішча. Гісторык і археолаг Сяргей Тарасаў патлумачыў, як магла на высокай гары з’явіцца крыінца.
– На вялікае дзіва тут высокія грунтавыя воды, так званая верхаводка. Вось літаральна два метры, максімум два з паловай, і пойдзе вада. Тая святая крыніца, якая ўнізе, гэта і ёсць тая самая верхаводка. Гэта ніякая ні мінеральная вада, яна нават не надта чыстая, там многа жалеза. Але тым не менш – гэта верхаводка.
Відавочна ваданосны слой быў пашкоджаны падчас нейкіх будаўнічых прац. Сёння будаўнічыя працы на Верхнім замку вядуцца толькі на тэрыторыі былой Чырвонай бальніцы, у гэтым комплексе будынкаў улады мяркуюць размясціць кадэцкую вучэльню.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя