У Польшчы затрымалі беларуса з пашпартам грамадзяніна свету 



У Катавіцах памежнікі затрымалі 31-гадовага грамадзяніна Беларусі, які падаў у якасці пасведчання асобы пашпарт грамадзяніна свету (World Passport), выдадзены яму нібыта Сусветным урадам. Ён спрабаваў паляцець у Егіпет. Мужчына сцвярджаў, што гэты дакумент дае яму права свабодна перасоўвацца па тэрыторыі краін ААН. Пра інцыдэнт паведаміла Сілезскае памежнае ўпраўленне, піша Most.

Пацвярджаючы сапраўднасць свайго пашпарта, беларус падаў дакумент з надпісам «легалізацыя міжнароднага дакумента, які сведчыць асобу», выдадзены на трох мовах. Сярод іншага на ім быў штамп Мазавецкай ваяводскай управы. Сапраўднасць гэтых пячатак таксама выклікала сумневы ў польскіх памежнікаў. Паколькі іншых дакументаў, якія б пацвярджалі законнасць перасячэння мяжы і знаходжання ў Польшчы, беларус не падаў, яго затрымалі.

Пашпарт грамадзяніна свету выдаецца некамерцыйнай арганізацыяй «Сусветны ўрад грамадзян свету», якая сапраўды пазіцыянуе яго як дакумент для міжнародных паездак. Тым не менш, нацыянальныя ўрады звычайна ставяцца да яго з вялікім скепсісам: не прымаюць зусім або прымаюць з натарыяльным пацвярджэннем.