Вядома дата, калі пачне дзейнічаць новы кошт шэнгенскіх віз



У Афіцыйным журнале ЕЗ апублікаванае рашэнне Савета Еўразвяза аб унясенні змяненняў у Візавы кодэкс, якія прадугледжваюць у тым ліку павышэнне кошту шэнгенскіх віз да 80 еўра. Рашэнне набывае моц праз 20 дзён пасля афіцыйнага апублікавання.

Пры гэтым у прадстаўніцтве ЕЗ у Беларусі БелаПАН растлумачылі, што прымяняць новы візавы збор пачнуць толькі з 2 лютага 2020 года.

У апублікаваным дакуменце адзначаецца, што памер візавага збору павінен пераглядацца кожныя тры гады, каб забяспечваць пакрыццё выдаткаў на афармленне віз.

Чакаецца, што новыя правілы палегчаць і паскораць праходжанне візавых працэдур для законапаслухмяных падарожнікаў. У прыватнасці заяву на атрыманне візы можна будзе падаваць не за тры, а за шэсць месяцаў да меркаванай паездкі, але не пазней чым за 15 дзён. Акрамя таго, будуць гарманізаваныя падыходы, згодна з якімі тэрмін дзеяння выдаваных шматразовых віз для пастаянных падарожнікаў са станоўчай візавай гісторыяй можна будзе паступова павялічваць да пяці гадоў.

Менск і Брусель ужо некалькі гадоў вядуць перамовы аб заключэнні пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі.

Раней у прадстаўніцтве ЕЗ у Беларусі БелаПАН растлумачылі, што ў выпадку падпісання гэтых пагадненняў кошт шэнгенскіх віз для Беларусі складзе 35 еўра. Каментуючы меркаваныя змены ў Візавы кодэкс, у прадстаўніцтве адзначылі, што „павелічэнне кошту віз не паўплывае на самы нізкі памер візавага збору ў 35 еўра, усталяваны ў пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму, якія заключаны паміж ЕЗ і шэрагам трэціх краін, такіх як Расея, Арменія і Азербайджан”.

14 мая ў Бруселі міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей паведаміў, што праца над пагадненнямі аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі практычна завершаная. „Проста для таго, каб пачаць фінальную стадыю (падпісанне гэтых пагадненняў), павінна быць пройдзеная адпаведная працэдура — і тут, унутры Еўрапейскага саюза, і ў нас, унутры краіны. Павінны быць прааналізаваныя, узважаныя ўсе моманты, магчыма, бакі, якія насцярожваюць, звязаныя з падпісаннем гэтых пагадненняў. Але я перакананы, што мы зможам завяршыць гэтую працу найбліжэйшым часам”, — заявіў Макей.

belapan.by