У Расеі на мяжы ўвядуць электронную чаргу для грузавікоў



Расейская Дзярждума канчаткова зацвердзіла змены ў заканадаўства аб руху транспарту ў пунктах пропуску цераз мяжу.

У адпаведнасці з абноўленым законам, урад РФ будзе ўстанаўліваць пералік аўтамабільных пунктаў пропуску, у якіх будзе дзейнічаць рэзерваванне даты і часу ў мэтах перасячэння дзяржаўнай мяжы. Электронная чарга будзе распаўсюджвацца толькі на грузавыя транспартныя сродкі.

Нагадаем, у Беларусі электронная чарга дзейнічае не толькі для грузавых аўтамабіляў, але і для іншых транспартных сродкаў, праўда, пакуль не на ўсіх пунктах пропуску, а толькі на тых, якія абсталяваны адпаведным чынам. У перспектыве мяркуецца, што ўсе пункты абзавядуцца электроннай чаргой.

У студзені ў расейскім канцэрне „Тэлематыка” паведамілі, што завяршылі стварэнне адзінай сістэмы браніравання часу перасячэння мяжы. Цяпер яна тэсціруецца ў МАВП „Чарнышэўскае” на мяжы паміж Калінінградскай вобласцю і Літвой.