У Рызе ўвялі турыстычны падатак, які адкладалі з-за ковіда
З 1 студзеня 2023 года ў Рызе пачалі спаганяць турыстычную пошліну, перадае Delfi. Падатак складзе адзін еўра за кожную ноч знаходжання падарожніка ў сталіцы Латвіі.

Адзначым, што гэты збор не павінен перавышаць дзесяці еўра, калі госць затрымаецца ў Рызе на працяглы тэрмін. Таксама ў месцах размяшчэння турыстаў не плануецца браць плату з дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў.
Даходы ад пошліны ў сталіцы Латвіі маюць намер выкарыстоўваць для рэалізацыі праектаў па падтрымцы турызму або развіцця турыстычнай інфраструктуры, а таксама ініцыятыў, якія садзейнічаюць міжнароднай пазнавальнасці Рыгі.
Рыжскае самакіраванне планавала ўвесці падатак яшчэ з 2021 года, але рашэнне было адкладзенае з-за рэзкага скарачэння патоку турыстаў у перыяд пандэміі каранавіруса.
Так званы турыстычны падатак распаўсюджаны ў Еўропе. Асабліва гэта датычыцца папулярных напрамкаў у падарожнікаў: Рым, Венецыя, Амстэрдам, Вена, Лісабон і іншыя гарады.
