У Столінскім раёне незаконна рэканструявалі царкву XVIII стагоддзя



У вёсцы Рухча Столінскага раёна незаконна рэканструявалі царкву XVIII стагоддзя, паведаміў БелТА намеснік начальніка аддзела па каардынацыі дзейнасці арганізацый культуры ўпраўлення культуры Берасцейскага аблвыканкама Арцём Брухан.

Драўляны храм у Рухча унесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў пад назвай царква Раства Багародзіцы, мае другую катэгорыю каштоўнасці. У будынку спалучаюцца элементы народнага дойлідства і барока. Уласнікам з’яўляецца царкоўны прыход. Без адпаведнага дазволу на абʼекце былі праведзены рамонтна-рэстаўрацыйныя работы: вонкавыя сцены абабітыя вагонкай, вокны заменены на пластыкавыя.

«Былі парушаныя патрабаванні Кодэкса аб культуры. Работы на гісторыка-культурным абʼекце праведзены без падрыхтоўкі праекта, зацверджанага Міністэрствам культуры. Выкарыстоўваныя пры рэстаўрацыі матэрыялы павінны быць узгоднены з распрацоўшчыкам праектна-каштарыснай дакументацыі. Нічога з гэтага зроблена не было, што прывяло да пэўных зменаў знешняга выгляду царквы», – растлумачыў Арцём Брухан.

Берасцейскі аблвыканкам прызнаў: мела месца парушэнне заканадаўства. Аддзел культуры Столінскага райвыканкама цяпер рыхтуе матэрыялы для складання пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Царква да рэканструкцыі

Па словах суразмоўцы, раней у Берасцейскай вобласці часцей выяўлялі выпадкі незаконнай рэканструкцыі культавых збудаванняў, цяпер гэта рэдкасць.

У рэгіёне налічваецца 343 помніка архітэктуры. Каля чвэрці з іх зʼяўляюцца абʼектамі гісторыка-культурнай спадчыны культавага прызначэння. Гэта цэрквы, касцёлы, капліцы, пабудаваныя ў XVI – пачатку XX стагоддзя.

Фота ўпраўлення культуры Берасцейскага аблвыканкама