У Варацэвічах аднавілі сядзібу Напалеона Орды



У вёсцы Варацэвічы, што ў Іванаўскім раёне Берасцейшчыны, запрацавала адноўленая сядзіба вядомага беларускага мастака ХІХ стагоддзя Напалеона Орды. Для аматараў мастацтва і мінуўшчыны адкрытыя 12 залаў у якіх месціцца звыш 100 экспанатаў – гэта працоўны кабінет, майстэрня, гасцёўня, сталоўка.

Сядзіба напоўнена копіямі малюнкаў мастака, а гэта ўнікальныя краявіды, – адзначае краязнаўца Эдвард Злобін:

– Напалеон Орда намаляваў шмат відаў тых аб’ектаў, замкі, сядзібы, мястэчкі, работы якога былі пазней убраныя ў гравюры, выданыя друкарскім спосабам. Каштоўнасць яго гравюр у тым, што большасці з іх ужо не існуе. А што яшчэ вельмі важна, што шмат якіх аб’ектаў – гэта адзіныя віды гэтых месцаў ці аб’ектаў.

Напалеон Орда шмат падарожнічаў па Заходняй Украіне і беларускім Палессі, на гэтых тэрыторыях ён і абіраў аб’екты, якія замалёўваў. Акрамя ўнёску ў мастацтва, Орда браў удзел у грамадскім жыцці: актыўна ўдзельнічаў у вызваленчым паўстанні 1830-1831 гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя