У Вялікабрытаніі абвешчаны ўсеагульны каранцін



Усе крамы, акрамя прадуктовых і аптэк зачыняюцца – распараджэнне прэм’ер-міністра Борыса Джонсана прыводзіць тэлеканал Sky News.

Пачынаючы ад вечара панядзелка, выходзіць з дому дазволена толькі па харчы і тавары першай неабходнасці, для фізычных практыкаванняў (не часцей чым раз на дзень паасобку або з чальцамі сям’і), па мэдыцынскай неабходнасьці або для паездак на працу, прызнаную жыццёва важнай.

Жыхары краіны абавязаны знаходзіцца дома, выходзіць на вуліцу дазваляецца толькі ў крытычных выпадках. Забараняюцца таксама любыя сходы больш чым двух чалавек, калі гэта не чальцы адной сям’і. Паліцыі далі ўказаньні штрафаваць тых, хто не будзе выконваць патрабаванняў, а таксама патрабаваць ад людзей разысціся.

За апошнія суткі ў Англіі памерлі блізу паўсотні чалавек ва ўзросце ад 47 да 100 гадоў, ва ўсіх былі дадатковыя праблемы са здароўем. Па чатыры чалавекі памерлі ў Шатляндыі і Уэльсе. Агулам зроблена 83 945 аналізаў на каранавірус і пацверджаны 6 724 выпадкі заражэння.