Украіна следам за Польшчай і Літвой заявіла пра планы спрасціць уезд для беларусаў



Украіна мае намер спрасціць умовы ўезду для грамадзян Беларусі, заявіў 25 жніўня прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі.

„Як мы можам забараніць уезд беларусам, асабліва ўлічваючы вельмі напружаную ўнутрыпалітычную сітуацыю ў іх? Думаю, трэба разумна прапісаць палегчаныя ўмовы ўезду беларусаў да нас. Гэта вельмі далікатная тэма, трэба ўлічваць усё”, — прыводзіць словы Зяленскага яго прэс-служба.

На мінулым тыдні аналагічную меру ў дачыненні да грамадзян Беларусі анансаваў прэм’ер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі. „Мы хочам найбліжэйшым часам зрабіць спрошчаную працэдуру для людзей, якія хочуць прыехаць у Польшчу з Беларусі”, — цытавала Маравецкага Польскае радыё.

Ён адзначыў, што Польшча ў 2019 годзе была адной з тых краін Еўрасаюза, якія выдалі больш за ўсё віз грамадзянам Беларусі, і польскі ўрад хоча працягнуць такую практыку.

„Беларусы, якія прыязджаюць у Польшчу — студэнты ці сезонныя рабочыя, — вельмі дапамагаюць польскай эканоміцы. Мы хочам вас запэўніць, што хутка зробім спрошчаныя працэдуры для тых, хто хоча прыехаць у Польшчу з Беларусі, напрыклад, для далучэння да працэсу навучання ва ўніверсітэтах”, — сказаў Маравецкі.

Варта зазначыць, што ўрад Літвы ў жніўні зацвердзіў прапанову, згодна з якой беларусы з-за сітуацыі ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў змогуць прыехаць на тэрыторыю Літвы, нягледзячы на ўсе абмежаванні па COVID-19.

Міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы чакаюць, што ў выпадку працяглага палітычнага крызісу эканамічная актыўнасць у Беларусі будзе заставацца нізкай, і ў гэтых умовах, лічаць эксперты, можа актывізавацца выезд беларусаў у суседнія краіны.

„Калі ў нас ВУП будзе расці, як прагназуе Сусветны банк, на 0,5-1%, а ў Польшчы на 4-5%, то разрыў паміж дзвюма краінамі будзе павялічвацца, і колькасць асоб, якія захочуць з’ехаць з Беларусі ў Польшчу, можа вырасці”, — выказала здагадку ў каментары БелаПАН акадэмічны дырэктар Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Кацярына Барнукова.

Таму, лічыць яна, у Беларусі павінны быць прынятыя дзейсныя крокі па павышэнні эфектыўнасці эканомікі, каб моладзь заставалася жыць тут, а не з’язджала ў Польшчу.

belapan.by