Украіна спыняе авіязносіны з Беларуссю



Украіна з 26 траўня спыняе авіязносіны з Беларуссю, паведаміў у сваім тэлеграм-канале прэм`ер-міністр Дзяніс Шмыгаль.

Паводле яго слоў, на пазачарговым пасяджэнні 25 траўня ўкраінскі ўрад даручыў Міністэрству інфраструктуры, Дзяржавіяслужбе і ДП „Украэрарух” прыняць для гэтага неабходныя меры.

Украінскім авіякампаніям і самалётам будзе забаронена выконваць палёты ў паветранай прасторы Беларусі, дадаў Шмыгаль.

Дзяржпагранслужбе таксама даручана спыніць афармленне пасажыраў, якія едуць з Беларусі ці ў Беларусь, у мытных пунктах аэрапортаў.

„Сітуацыя з прымусовай пасадкай самалёта кампаніі Ryanair у Менску з`яўляецца парушэннем Канвенцыі аб міжнароднай грамадзянскай авіяцыі. Рашэнне нашага ўраду накіраванае на арганізацыю бяспекі палётаў і пасажыраў”, — напісаў кіраўнік украінскага ўрада.

24 траўня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даручыў ураду прапрацаваць рашэнне аб спыненні прамых авіязносін з Беларуссю. Кабінету міністраў таксама было даручана прапрацаваць рашэнне аб „закрыцці паветранай прасторы Беларусі для ажыццяўлення авіяпералётаў з Украіны і ў краіну”.

Еўрапейскі савет 24 траўня заклікаў усіх авіяперавозчыкаў, якія базуюцца ў ЕЗ, пазбягаць палётаў над Беларуссю і забараніць палёты беларускіх авіякампаній у краіны Еўразвяз. Урад Літвы ўжо забараніў прыбыццё ў краіну і адпраўленне з яе самалётаў, маршрут якіх праходзіць над тэрыторыяй Беларусі. Вялікабрытанія таксама прадпісала сваім авіякампаніям прыпыніць палёты праз паветраную прастору Беларусі і прыпыніла ліцэнзію авіякампаніі „Белавія”. Дзеянне дазволаў на палёты беларускай авіякампаніі прыпыніла і Францыя, а міністр транспарту Жан-Батыст Джэбары заклікаў авіякампаніі, якія працуюць у краіне, не карыстацца беларускай паветранай прасторай.

belapan.by