Украіна з 5 жніўня ўводзіць абавязковую самаізаляцыю для ўсіх, хто ўязджае ў краіну
Украіна з 5 жніўня змяняе правілы ўезду ў краіну ў сувязі з распаўсюджваннем каронавіруса. Самаізаляцыя становіцца абавязковай для ўсіх хто ўязджае ў краіну, — як грамадзян Украіны, так і замежнікаў.
Але захоўваюцца раней дзеючыя выключэнні для шэрагу катэгорый грамадзян, паведамляе REFORM.by.
Устаноўлены наступныя тэрміны самаізаляцыі:
10 дзён для замежнікаў і ўкраінцаў (пачынаецца праз 72 гадзіны пасля перасячэння мяжы, пад кантролем прыкладання «Вдома»);
14 дзён для асоб, якія прыбылі з Расеі ці Індыі, калі яны знаходзіліся там даўжэй тыдня на працягу апошніх 14 дзён (пачынаецца з моманту перасячэння мяжы).
Для ўезду ва Украіну, як і раней, трэба будзе прадставіць страхавы поліс, які пакрывае ўвесь перыяд знаходжання ў краіне, а таксама сертыфікат аб вакцынацыі, або адмоўны тэст (ПЦР / экспрэс тэст) на каронавірус, зроблены не больш, чым за 72 гадзіны да перасячэння мяжы. Перасячэнне мяжы таксама магчыма толькі з устаноўленым і актываваным дадаткам «Вдома». У выпадку немагчымасці ўсталяваць прыкладанне, адмовы ад яго ўстаноўкі памежнікі могуць адмовіць ва ўездзе.
Самаізаляцыя ў сувязі з перасячэннем мяжы не ўжываецца, альбо адмяняецца ў выпадку атрымання негатыўнага выніку тэсту на COVID-19 метадам ПЦР або экспрэс-тэсту, які праведзены пасля перасячэння мяжы. Дадзеная норма не тычыцца тых, хто трапляе пад самаізаляцыю ў сувязі з прыездам з Расеі і Індыі.