Улады Германіі заклікалі жыхароў краіны заставацца на час велікодных святаў дома



На экстраным пасяджэнні ў сераду, 24 сакавіка, улады Нямеччыны вырашылі абмежавацца заклікам да жыхароў краіны заставацца на час велікодных святаў дома і адмовіцца ад абвяшчэння афіцыйнымі святочнымі днямі чацвярга і суботы.

Гэтую заяву канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель цытуе DW.

Раней, 22 сакавіка было дасягнутае пагадненне абвясціць выходнымі днямі Гарачы чацвер, які адзначаецца сёлета 1 красавіка, і Страсную (Вялікую) суботу — 3 красавіка. Пры гэтым Страсная пятніца, Вялікдзень і наступны за ёй панядзелак — у Нямеччыне традыцыйна непрацоўныя дні. Такім чынам, «на працягу пяці дзён запар будзе дзейнічаць прынцып „мы застаёмся дома“», — падкрэсліла канцлер.

Тым самым пастаноўлена, што ўсе крамы на гэты тэрмін спыняць працу. Выключэнне зрабілі толькі ў суботу для прадуктовых крамаў. Адкрытымі павінны былі застацца толькі цэнтры вакцынацыі і правядзення тэстаў на каронавірус. Мэркель заявіла, што грамадскае, эканамічнае і прыватнае жыццё ў Нямеччыне на час велікодных святаў павінна быць абмежавана гэтак моцна, як ніколі раней падчас пандэміі. «Сітуацыя вельмі і вельмі сурʼёзная», — падкрэсліла яна. Гэтае рашэнне выклікала шырокую крытыку ў СМІ.

Жорсткі локдаўн дзейнічае ў Нямеччыне з 16 снежня 2020 года, яго неаднаразова працягвалі і дапаўнялі новымі мерамі. У крамах, якія працуюць, і ў грамадскім транспарце неабходна насіць медычныя маскі або рэспіратары. З надыходам вясны меры пачалі аслабляць. З 1 сакавіка ізноў адкрыліся цырульні, з 8 сакавіка — кніжныя і кветкавыя крамы, крамы садовых тавараў, касметычныя салоны, аўташколы і пілотныя вучэльні, паступова аднаўляюць працу музеі і галерэі.

Фота politico.eu