Унікальная вёска з помнікамі археалогіі



На тэрыторыі Каралінскага сельскага Савета Зэльвенскага раёна ёсць унікальная невялікая вёска Івашкавічы. У гістарычных крыніцах яна ўпершыню ўпамінаецца  ў другой палове XVI стагоддзя як вёска. Напачатку XVII стагоддзя гэта быў маёнтак наваградскага кашталяна Аляксандра Палубінскага, пазней ім валодалі Сапегі. А з 1655 года ў Івашкавічах былі гаспадары браты Шэметы.

Пазней вёскай валодалі Глушынскія, Домбскія, Стравінскія, Жалкоўскія, Астраменцкія. Але найбольш – Астраменцкія. У 1897 годзе ў Івашкавічах пражываў 241 жыхар, была школа, крама, карчма і ўніяцкая царква. Ад уніяцкай царквы, якая дзейнічала з XVII стагоддзя, сёння засталіся толькі муры. Здалёк яны бачны, калі едзеш з Зэльвы на Ружаны, ці з Ружан на Зэльву. Уніяцкую вялікую царкву падчас Першай сусветнай вайны ўзарвалі кайзераўскія салдаты. Памеры цэглы ў муроўцы царквы складалі: даўжыня – 32 см, таўшчыня – 7 см.

Вакол былой уніяцкай царквы ляжаць камяні – гэта старыя ўніяцкія могілкі з вялікімі каменнымі надмагіллямі. А за вёскай на ўсходзе і на поўначы выяўлены рэшткі стаянкі каменнага веку з нешматлікімі расшчапанымі крамянямі. Вёска Івашкавічы даўно просіцца, каб яе гісторыю нехта даследаваў грунтоўна, напісаў пра яе і выдаў кнігу. Але пакуль на Зэльвеншчыне такога энтузіяста няма.   

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльвенскі раён

Фота аўтара