Унікальны ледзяны гатэль адкрыюць ва Украіне



Ужо гэтай зімой плануецца адкрыццё першага ва Украіне гатэля для аматараў марозу. Усе элементы нумароў будуць створаны са снегу і лёду, а тэмпература ў памяшканні не перавысіць 2 градуса марозу.

Першы ўкраінскі гатэль са снегу і лёду Ice Hotel Bukovel адкрыецца ў гэтым сезоне на тэрыторыі турыстычнага комплексу „Буковель”. Працэс будаўніцтва знаходзіцца на завяршальным этапе.

„Усе элементы Ice Hotel Bukovel створаны са снегу і лёду (сцены, падлога, бар, нават мэбля)”, – гаворыцца на афіцыйным сайце комплексу „Буковель”. Нумарны фонд ледзянога гатэля складзе ўсяго 5 двухмесных нумароў, паведаміла БЕЛТА.

Для начоўкі гасцям пададуць цёплыя спальнікі і натуральныя авечыя шкуры. Па Ice Hotel Bukovel будуць вадзіць экскурсіі з аглядам фотазон і нумароў. Акрамя таго, для гасцей гатэля будзе працаваць Ice Bar з ледзяным посудам і Ice Restaurant з эксклюзіўным меню.

Варта адзначыць, што тэмпература ўнутры гатэля не адрозніваецца ад тэмпературы і ўмоў навакольнага асяроддзя і вагаецца ад 2 да 5 градусаў марозу.

ej.by