Урад пакуль не будзе адмяняць абмежаванні на выезд з Беларусі



У прэс-службе беларускага ўрада Office Life растлумачылі, што Саўмін пакуль не плануе скасоўваць абмежаванні на выезд з краіны. У той жа час СААЗ парэкамендавала краінам адмяніць або аслабіць абмежаванні на міжнародныя паездкі.

Як паведамлялася, правілы выезду з Беларусі мяняліся ў жніўні 2021 года. Але істотных паслабленняў не было. Засталіся прынцыпы 2020 года. Грамадзяне Беларусі маюць права выехаць адзін раз за паўгода. Прычым трэба мець падставы: вучоба/праца за мяжой або дакумент, які пацвярджае права на пастаяннае або часовае пражыванне за мяжой, выезд на лячэнне/аздараўленне і інш.

Больш за тое, абмежаванні распаўсюдзілі і на замежных грамадзян, у якіх у Беларусі ёсць від на жыхарства. Як правіла, гэта грамадзяне Украіны і Расеі, але ёсць і ўладальнікі пашпартоў іншых краін.

Выключэнне па выездзе робяць для дыпламатаў, супрацоўнікаў спецсувязі, чальцоў афіцыйных дэлегацый, чальцоў экіпажаў паветраных судоў і т. д. Гэта значыць адносна бесперашкодна звычайным грамадзянам можна выехаць толькі ў Расею.