Успамін пра вуліцу Караткевіча ў Воршы



Цяпер на верхняй частцы вуліцы Караткевіча ў Воршы захаваліся толькі тры старыя прыватныя дамы – №10 (дом Караткевіча), №8 і №6 (дом, у якім ніхто не жыве). На схіле да Дняпра – чатыры прыватныя дамы.

Салярныя знакі. вуліца імя Уладзіміра Караткевіча 6. Дом, дзе ніхто не жыве. Фота 2019 год, люты 

Вуліца імя Уладзіміра Караткевіча 10. Дом бацькоў Караткевіча. Фота 2019 год, люты. 

Вуліца імя Уладзіміра Караткевіча 8.  Фота 2019 год, люты 

Пра вуліцу Караткевіча (на той час імя Варашылава) з 1948 па 1953 год распавядае мая маці, Бязручка Ірына Пятроўна.

Аповед тычыцца часткі вуліцы ад перакрыжавання з вуліцай Леніна да схіла да Дняпра.  Пра частку вуліцы, якая на схіле, асобны аповед.  

Перакрыжаванне сучасных вуліц Леніна і Караткевіча. Раней тут былі дамы і гароды. Фота, кастрынік 2018 год. 

Говорыць Ірына Бязручка:

“Паварот да першай школы. Там стаяла калонка, да якой мы хадзілі па ваду. Потым стаяў складаны драўляны будынак, часткова ён быў двухпавярховы, часткова аднапавярховы. У гады майго дзяінства ў частцы будынку знаходзіўся рэстаран, у частцы – кантора ваенгандлю, пэўны час там была майстэрня па пашыве адзення – мне там пашылі дзіцячае паліто. Там таксама жылі некаторыя супрацоўнікі ваенгандлю, напрыклад Чатыркіны. За будынкам было пустое месца. Гэтае пустое месца працягвалася па Леніна да таго дому, дзе мы жылі пасля вайны, пакуль не пабудавалі свой дом на беразе Дняпра. Дом, дзе мы жылі пасля вайны, – габрэйскі дом на дзве паловы, з параднымі выхадамі на вуліцу, якія на той час былі зачыненыя. І ў адну частку дома вярнулася сям’я, якая і павінна была там жыць – Аронавы, а гаспадары другой паловы, напэўна, не выжылі, і гэтая палова дома была дзяржаўная. І дзяржава выкарыстоўвала палову дома, мы там жылі пэўны час яшчэ з адной сям’ёй, там была вельмі вялікая кухня і два пакоі. Кухня адным бокам выходзіла на вуліцу Леніна, там быў зачынены парадны ўваход, а другім бокам ў двор. Цырульня, якая стаяла паміж ваенгандлем і домам, з’явілся пазней. З’явіўся невялікі будынак, у якім рамантавалі абутак і месцілася цырульня. Але гэта было не адразу пасля вайны, а пазней. Потом быў дом, які дзвюма вокнамі выходзіў на Леніна, ён стаяў не ўздоўж, а поперак – звычайны прыватны аршанскі дом. А потом быў дом, дзе было шмат людзей і дзяцей – барак – там людзі атрымлівалі пакоі для жытла. А потым піўзавод. Па цяперашней вуліцы Караткевіча памятаю дом Лосевых. Гэта была інтэлігенцыя. Лосеў – настаўнік. Потом жылі Спадабаевы, таксама настаўнікі. Быў дом, дзе жыла рудая  жанчына –  у гады майго дзяцінства ў яе былі індыкі з грэбнямі – страшныя, яны выходзілі на вуліцу і былі вельмі страшныя. Потом былі Бакуневічы ці Бакуновічы. Таксама дом стары стаяў  – гэта ўсё з гэтага боку – паміж сучасным радзільным домам і сучаснай вуліцай Леніна. На месцы радзільнага дому быў дзіўны г-падобны дом-барак і пустое месца яшчэ. Да рэвалюцыі гэты барак належаў нейкай супольнасці – ці то талстоўцам ці то нейкай іншай супольнасці. А ў гады майго дзяцінства там людзі проста атрымлівалі жытло.  Там жыла мая сяброўка Валя, калі была маленькай дзяўчынкай, пакуль яны не пабудавалі свой дом за Дняпром. Яна распавядала, што там вельмі вялікія глыбокія сутарэнні. А прастора была г-падобнай і другая палова барака падыходзіла да стадыёна. Я яшчэ была там КЕЧ – гаспадарчая арганізацыя звязаная з войскам. У КЕЧы працавалі сябры нашых бацькоў Верам’ёвы, які пасля пераехалі ў Менск. У гады маёго ранняга дзяцінства яны працавалі ў КЕЧы, але там былі не жылыя будынкі, а тэхнічныя. Гаспадарчыя. Я памятаю, калі я заканчвала першую школу, можна было ісці са школы напрасткі праз стадыён да дому”.

Паварот да былой першай школы, якая цяпер гімназія №2. Фота 2019 год, люты.  

Говорыць Ірына Бязручка: 

Першая школа ў гады майго дзяцінства была не проста школай, а яшчэ і жытлом, там жыў дырэктар школы Чарняк, які быў сябрам майго таты – высокі.  Вясёлы, кучаравы мужчына. Калі я была зусім маленькая, яны жылі ў самой школе, і там жа была нейкая невялікая крама. У цагляны будынак, дзе быў тады суд, прывозілі злачынцаў і не злачынцаў –  быў дзеючы суд. А быў яшчэ дом Трусевіча – рэпрасаванагах святара. І да дома была прылеплена прыбудова, у ёй жыла жанчына, у якой была каза. Я памятаю: каля школы на слупе былі налепленыя абвесткі і каза іх аб’ядала. А яшчэ каля гэтага дому быў бэз і ў зарасніку бэзу – валун. ён падзяляў наш гарод і іх.  Гарод гэтага дому ішоў да Дняпра некалі, калі я была маленькая, пайшла гародамі да Дняпра – гарод наш – гарод Трусевічаў – потым я магла прайсці напрасткі. Не было тады школьнага стадыёну – былі гароды без агароджы. Я, як пайшла, так і дайшла да ракі. А рабіла я так неаднойчы, раз правалілася ў ваду і прамачыла валёнкі. На месцы нашага будучага дома былі акопы. На схіле дом – Ральцэвічаў, сын старэйшы, якіх стаў вядомым мастаком-графікам”.

Паліна Качаткова, Беларускае Радыё Рацыя