У Польшчы ўвайшлі ў жыццё змены, датычныя падатку TAX FREE



З першага студзеня 2022 года ў Польшчы ўвайшлі ў жыццё змены, датычныя падатку TAX FREE для падарожнікаў і прадпрымальнікаў. Ранейшы папяровы дакументаабарот поўнасцю заменены электронным.

Пра перавагі новай сістэмы кажа Радаслаў Ганцэвіч з прэс-службы падляшскай падатковай адміністрацыі KAS:

– Гэтае новаўвядзенне дазволіць хутка атрымліваць доступ да данных трансакцый, рэалізаваных у сістэме TAX FREE, і спрашчае разлік як з падарожнікамі, так і з падатковымі органамі. Для падарожнікаў – гэта памяншэнне часу абслугі, хуткі зварот заплачанага падатку ВАТ пры безнаяўных трансакцыях і электронны доступ да дакументаў TAX FREE.

Радаслаў Ганцэвіч таксама нагадвае, што сабою ўяўляе TAX FREE:

– TAX FREE – гэта сістэма вяртання падаткаў ВАТ падарожнікам, якія не маюць сталага месца жыхарства на тэрыторыі Еўразвязу і якія выканалі на тэрыторыі Еўразвязу закуп тавару на звыш 200 злотых, атрымалі чэк з касы, вывезлі тавар з тэрыторыі Еўразвязу і атрымалі пацверджэнне польскай мытнай памежнай службы.

Польшча стала чарговай краінай у Еўразвязе, якая ўвяла ўласную электронную сістэму TAX FREE. Раней падобныя сістэмы паўсталі ў Францыі, Італіі, Іспаніі, Аўстрыі, Эстоніі і некаторых іншых краінах.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя